Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/297

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

З украінскага — Т. Шаўчэнкі

Пажоўкнуў ліст… Прыгасьлі вочы.
Заснулі думы, сэрца сьпіць,
І ўсё заснула, і ня знаю
Ці я жыву, ці дажываю,
Ці так па сьвеце валачуся,
Бо ўжо ня плачу, не сьмяюся…

Дзе ты, доля? Дзе ты, доля?
Няма ніякой!
Калі добрай шкода, божа,
То дай хоць благой!

Ня дай спаць ты хадзячаму,
Сэрцам абмірацца,
І гнілою калодаю
Па сьвеце валяцца.

А дай жыць душою, сэрцам,
І цябе хваліць,
І твой сьвет нярукатворны,
І людзей любіць…

Страх упасьці у кайданы,
Мерці у няволі,
А яшчэ горш спаць бяздушна,
Ой, спаці на волі.

Каб, заснуўшы ва век векаў,
І сьледу ня кінуў
Ніякага і такога:
Ці жыў, ці загінуў.

Дзе ты, доля? Дзе ты, доля?
Няма ніякой!
Калі добрай шкода, божа,
То дай хоць благой.

1906 г.