Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/271

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АД МЕНСКІХ ДЗЯЦЕЙ

На прывітаньне IV Усебеларускага Зьезду Саветаў

1

Ад дзіцячай згоднай, буйнай,
Зацьвітаючай Комуны
Чэсьць, прывет вам, дэлегаты
З беларускіх ніў і хатаў!

Гэй, работнікі, сяляне!
Мазыране, Бабруйчане,
Ігуменцы і Случчане,
Ды Барысаўцы й Мянчане! —

Беларусы вы бяз плямаў,
Беларусы мы таксама, —
Хай на нашым на загоне
Век ніхто нас не разгоне.

Вы ўжо сталы, мы — шчэ малы,
А як вырасьцем, удала
Ўсе к вам пойдзем на падмогу
Церабіць к сьвятлу дарогу, —

За тым шчасьцем у дагонцы
Пойдзем, пойдзем аж да сонца.
Гэй, работнікі, сяляне,
Беларусі грамадзяне!

2

Таварышы дэлегаты!
Для нас сягоньня сьвята,
Што вы папрыяжджалі,
Каб жыў Савет наш далей.