Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/264

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зьвіваў ёй ніткі — для прынады —
На матавіла з верацён,
А як яна палола грады,
Выносіў зельле з баразён.

Калі на лузе грэбла сена,
Я за яе насіў пласты.
А як нагрэбла звыш калена,
Я сам варочаў вал таўсты.

Снапы ў жніво насіў у мэтлі, —
А ўсё, каб ласкавей была —
Ня раз ёй комінак расьсьветліў
Калі вячэраць з поля йшла.

Выкручваць памагаў бялізну,
Ды шмат яшчэ чаго і ў чым…
І так характар яе вызнаў,
Што і ня сьніў аб чым благім.

Мяне стан звабіў перагібны,
Так да яе прыліп красы, —
Купіў пярсьцёначак ёй срыбны
Касьнік чырвоны да касы.

Купіў ёй хустачку і жычку,
Шнуроўку ў талю падабраў,
А раз паркалю на спаднічку
Ў коопэрацыі набраў.

Набраў ёй нават і тавару
На чаравічкі — напавер…
Аж тут як дасьць яна мне жару
Што й не да ног яе цяпер!

На ліха ў Менску ў „пішчытрэсьце“
Стаўляў ёй піва і сітро,
Каб гэта бліжай яе сесьці,
Каб ня нудзілася нутро!