Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/256

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ГУТАРКА АБ КЕПСКАЙ ГАСПАДЫНІ

З кепскай гаспадыняй
Кепска жыць, вядома, —
Ані з ёю ў людзі,
Ані з ёю дома.

Ня жыцьцё, а мука,
Хоць скачы ты жабай,
Калі ды ня ўдасца
Табе твая баба.

Чалавек спакойны
Я па сваім складу,
Але-ж ня стрываеш,
Як няма дзе ладу.

Нават пабажуся,
Што ў ніякім чыне,
Не крану і пальцам
Добрай гаспадыні.

Але ўжо аб кепскай
Аніяк ня змоўчу,
Хоць мо‘ і дастану —
Ў вочы, ці за вочы.

Вось яна ў хаце,
Гаспадыня наша,
Выглядам, хадзьбою
Нават пеўня страша,

Як зірнуць, здаецца,
Ня брыдкая з твару, —
І той стан, як трэба,
І ў грудзях шмат жару.