Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/238

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НАД КАЛЫСКАЙ

Калыхала маці сына
У калысцы у ліповай
І пяяла яму песьню
Вось як тутка, слова ў слова:
— Люлі, люлі, мой маленькі!
Сьпі і сьні вясёлкі гулі,
Як-жа вырасьцеш вялікім, —
Не забудзься ты матулі.
Люлі, люлі, мой маленькі!
Сьпі, злажыўшы ў крыж далонкі,
Як-жа вырасьцеш вялікім, —
Не забудзься ты старонкі.
Люлі, люлі, мой маленькі!
Сьпі, як кветка на прадвесьні,
Як-жа вырасьцеш вялікім, —
Не забудзься гэтай песьні.
Люлі, люлі, мой маленькі,
Набірайся моцы, сілы,
Як-жа вырасьцеш вялікім, —
Не забудзь маей магілы.
Люлі, люлі, мой маленькі!..
...........
Сын павырас, на лес гледзя,
А ці помніць песьню маткі, —
Запытайся у суседзяў.

1919 г.