Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/239

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КАРОЛЬ

Я кароль над каралямі,
Пан я над панамі!
Што мне значаць і цары ўсе, —
Пасудзеце самі.

Тругу-гугу! Тру-гугу-гу! —
Дзьму я ў рог вайсковы:
Гэта знак даю падданым
З трубы берастовай,

Лясь-лясь! Лясь-лясь! — зброяй лясну
Ўправа, ўлева громка:
Гэта страшу я падданых
Пугай доўгай, ёмкай.

І сабраў сваіх падданых
І павёў, павёў я
Цераз горы, цераз долы,
За гай, за дуброўе.

Тругу-гугу! Тругу-гугу! —
Зноў трублю сярдзіта;
Лясь-лясь! Лясь-лясь! — сьвішчу зброяй
Грозна, санавіта.

І усеўся я на троне —
На карчы яловым,
А падданыя падданяць, —
Ня буркнуць ні слова…

Толькі — скуб-скуб! Скуб-скуб траўку
Згодна ды пакорна
Ажно рэха ад скубаньня
Коціцца прасторна.