Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Завёўшы тысячы народу
Ў палёх манджурскіх палажыць, —
Вы на ваякаў за свабоду
Мячы патрапілі тачыць.

Пусьціўшы з торбамі на мукі
Сірот і матак і ўдавіц,
Вы загасілі сьвет навукі, —
Давай вам катаргаў, цямніц!

Айчыну ўбраўшы ў пажарышчы,
Сынам прыпомніўшы ясыр, —
Спраўляйце з груганамі йгрышчы
На косьцях братніх на ўвесь мір!

Яшчэ прыбавіце скананьне —
Прадсьмертны вашых рук абраз, —
Ня доўга ж ваша панаваньне —
Загуба прыдзе і на вас!

Загубу крыўдаю, сьлязамі
Ў магільны выкапалі ніз;
Людзкой расплаты ужо над вамі,
Тапор адточаны завіс.

…Дзе-ж кат?.. Гэй, шэльма вешай лоўка!
Ня меў я волі, ні вугла…
Намыль з канца ў канец вяроўку,
Каб лепей шыю абняла!

Ў паветры ногі затрасуцца,
Байца ня стане аднаго,
Дый хоць званы й не адгукнуцца,
Не пахаваеце ўсяго!

Ня ўмруць ніколі грозны клікі
На сонца захад і на ўсход:
Тут сьпіць ваяк, ваяк вялікі
За волю, долю і народ!

1908 г.

|}