Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Раз мне ўсе ходы зачынілі,
Усе ходы к зноснаму жыцьцю, —
Я напралом прайшоў у бясьсільлі
За праўду пастаяць сваю.

А, вы, ўпыры, вы крывапіўцы,
Мяне сарваўшы з родных ніў —
Судзіць пасьмелі, як ўбіўцу,
Хоць я ваякам толькі быў?!

Каб мітры, скіпэтры, тыяры —
Што ужо крывёй зьліваў і дзед —
Удзержыць, — вы ўзьвялі на нары
Унука, што йшоў за прасьвет.

Ну, што-ж, — пацешцесь, душагубы.
Я ўжо ня выйду з вашых рук, —
Вы давялі мяне да згубы,
Вы і збаўляеце ад мук.

Але ня стану біць паклонаў,
За сваю гібель не змаўчу;
Знаць не хачу вашых законаў,
Знаць вашых судзьдзяў не хачу!

Вы у ланцугі ўсё закавалі —
І суд, і праўду, і закон!
Расправу правам вы назвалі,
А ласкай пахавальны звон.

Вы задушылі дух народны,
Да сьлёз мільёны давялі,
Збылі з жыцьця вам няпрыгодных,
Зглушылі кліч — „волі, зямлі“

Вы братняй кроўю ап‘янелі,
Усіх зьвяроў сталі падлей, —
Вы разьнікоў прайшлі на дзеле —
Ў разьніцы гоніце людзей