Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/204

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

7

Зручна, гучна грай нам, грайка,
Ад усіх рэж струн!
Ня сьвісьціць ужо нагайка,
Ня гудзіць бізун.

Селі макам усе тыя,
Што нас, вольны люд,
Не шкадуючы памыяў,
Аблівалі тут.

Барын веку дажывае,
Выгнаны Масквой,
Пан Варшаву прапівае,
Гонар панскі свой.

А мы самі, сабе самі
Ўжо гаспадары,
Малатамі і сярпамі
Звонім да зары.

Нібы пчолы ў соты з мёдам
Да свайго вульля,
Мы вяртаемся дадому,
Як адна сям‘я.

На сход сходзімся і лічым,
Ці усе прышлі, —
Хто спазьніўся — прыйсьці клічам
Да сваёй зямлі.

— Вы — хтось кажа асьцярожна, —
Ня ўсе ў грамадзе…
— Гэй, дарогу, лях вяльможны!
Беларусь ідзе.

Грай-жа, грай нам гулка, грайка,
Ад усіх рэж струн!
Ня сьвісьціць ужо нагайка,
Ня гудзіць бізун.