Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

6

… пайшла, і пайшла —
Як-бы хто набаяў —
Ад сяла да сяла
Гутарка такая:

Беларусь на куце
Ў хаце сваёй села, —
Чарка мёду ў руцэ,
Пазірае сьмела.

Сядзіць важна, сама
Сабе гаспадыня,
І прыбрана яна —
Ніхто не закіне:

На галоўцы вянок
З сініх васілёчкаў,
А чырвон паясок
Стан абвіў дзявочы.

Так сядзіць і глядзіць,
Ці усё як трэба, —
Трэба ўсім дагадзіць
І соляй і хлебам.

А з тутэйшых музык
Гучная капэля,
Хто ў дуду, хто пад смык,
Граюць ёй вясельле.

Так бубняць і гудзяць
На гэтай бяседзе,
А суседзі глядзяць,
Дзівяцца суседзі:

— То-ж яна з мужыкоў,
А як вышла ў людзі!
Як міне больш гадкоў,
Што-ж тады ўжо будзе?!