Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/202

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І ў даль ідзем, хоць ляскае
Зьвяр‘ё ў кутох няласкаю —
На дальшы кліча сон.

Але, але ня выламе
Ні клыкамі, ні віламі
Таго, што ажыло,
Што ўскрэсла над магіламі,
Над хатамі пахілымі —
Мінуламу на зло.

Ня ўзяць рукамі голымі
Таго жывога полымя,
Што, нібы агняцьвет,
Вясёлымі саколамі
Над горамі, над доламі
Разносіць іскры ў сьвет…
............
А гоні ўжо узораны,
І сілы распакораны
Ад паншчынных бядот.
Чакаюць стравы жораны —
Зярнятаў незамораных.
Чакаюць на ўмалот.

А лапці і анучыны
Адбэрсаны, адкручаны,
Нуда маўчыць ціхом;
Спраўляюцца заручыны
Вясельніцы засмучанай
З вясёлым жаніхом.

Лявоніха… Мяцеліца…
Бяз памяці вяселяцца…
Гэй, дзьмі ў дуду, дудар!
Аколіца-аселіца
Пад ногі сонцам сьцелецца…
Збудзіўся гаспадар!..