Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/201

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гнаў лісьце злосны вецер
Па полі, па ўсім сьвеце,
За вёску, за сяло;
На нас ляцела сьмецьце,
Бязладзьдзе, беспрасьвецьце,
Пятлю віло сіло.

І гэтакая слава,
Як пошасьці праява,
Буяла па людзях,
Пакуль жыцьцё ласкавей
Усьмешкай і забавай
Не асьвяціла шлях,

Забліскацелі лужы,
Бяда зьвілася вужам…
— Ідзе, — крычаць, — вястун!..
І ўзьняўся нехта дужы,
І кінуў кліч дасужы —
Як помста, як пярун.

Ад воклічу прарока
Схіснулася памрока,
Сьцяг падняла вясна,
І па зямлі шырокай,
Як можа зьмерыць вока,
Пабегла навіна.

Сяляне і сялянкі!
Цацанкі-абяцанкі
Збываюцца для вас;
Выходзьце на палянкі,
Як зоры, як заранкі,
І сейце ў добры час.

5

Мы ўсталі песьняй-казкаю
Пад жудаснай павязкаю
Мінулых чорных дзён