Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як на рынак ці на кірмаш,
Ад нядзелі да нядзелі,
На каравай пшанічны наш
Машкарой ляцелі, елі.

А маковае малако,
Засалоджанае мёдам,
Пілі смагла, ажна цякло
Па-губах іх мімаходам.

А закусвалі мёд і яду
Гаспадыньскай ласкай удзячнай,
Тут-жа дзьмуў дудар у дуду,
Каб было піць, есьці смачна.

Дый прышлося плаціць чарадзе
Тэй за гэта баляваньне,
Бо дарма такога нідзе
Ня бывае частаваньня.

Ой, пайшла расплата за доўг —
За яду й пітво адразу…
Задымеў, зацьміўся разлог,
Зварухнуў усю заразу.

Хто ў рукі папаў — заплаціў,
Іншы ўцёк за многа міляў.
А найболей — кожны скруціў…
Так ня ўсе і заплацілі.

4

Было яно калісьці,
Калі, як жоўталісьце,
Жылі мы — ня жылі;
Ішлі дні без карысьці,
І сорам было выйсьці
У сьвет з сваёй зямлі.