Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З ПЕСЕНЬ АБ НЯВОЛІ.

То ня сьвісты зімовай мяцеліцы
Над зямлёю шумяць і гудуць, —
Гэта дзікім мучыцелем сеецца
Сяўба ў путы працоўных закуць.

То ня рой груганоў падымаецца,
Дзе зваёваных трупы ляжаць, —
Гэта гурты казакаў зьлятаюцца
Закаваны народ катаваць.

То ня рэчак паводкі бурлівыя
Затапляюць зямельку вадой, —
Гэта, ў бойцы мручы нешчасьлівыя
Залілі сьвет нявіннай крывёй.

Дый над гэтай крывёю магільныя
Расплываюцца енкі сірот,
Плачуць цяжэнька людзі бясьсільныя
Плача змучаны ўвесь мой народ.

А мучыцеляў сьмех над скаванымі
Разьлягаецца страшным выцьцём…
Завываюць ваўкі над курганамі,
Сьвет заліты крывавым агнём.

1907 г.