Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДЗЕ СТАЯЎ ДВОР ПАНСКІ…

Дзе стаяў двор панскі
Грознаю пікетай
І паны спраўлялі
Гарцы ды банкеты, —

Там цяпер красуюць
Выселкі, пасёлкі,
А іх аздабляюць
Сямі-цьвет вясёлкі.

*

Дзе стаяў на полі
З бічам прыганяты
І ганяў прынукай
Змучаных аратых, —

Там цяпер бяз страху
З выглядам малойца
Новы вольны сейбіт
Братаецца з сонцам.

*

Дзе палац быў панскі,
Дзе жыцьцё йшло пуста
І гняздо зьвівалі
Вызыск і распуста, —

Там цяпер парадак
Іншы разгарнуўся:
Сочаць веду дзеткі —
Кветкі Беларусі.

Ліпень 1926 г.
Акопы