Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДЗЬВЕ СЯСТРЫ

На тутэйшай зямлі
Дзьве сястрыцы жылі,
Як забытыя ў лесе каліны;
Жыватворных крыніц
Ня было для сястрыц, —
Яны вялі і сохлі націнай.

Як надыдзе вясна,
Ў чыстым полі адна
Аж да восені сілы губляла,
А сьцюдзёнай зімой
У хаціне курной
Кужаль прала, снавала і ткала.

А ў другой з году ў год
Выядаў, як той крот,
Дым фабрычны дзявочыя вочы;
А дзявочу красу,
Нібы тую расу,
Піў цагляны падвал цёмнай ночы.

Сярод гора і мук
З працы гнулася ў крук
Так адна, як ад ветру каліна,
Ды пяяла з нуды,
З непацешнай бяды:
Ах ты, доля-няволя жанчыны!

А другая ў людзей
Гадавала дзяцей,
Не зазнаўшы прасьветнай часіны,
Ды таксама скрозь сон
Чуцен быў яе стон:
Ах ты, доля-няволя жанчыны!