Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адных магіла ўжо ня верне нам,
Другія і сягоньня іншым б‘юць паклон багам.
Ад трэціх-жа гранічны слуп нас аддзяляе.
Відаць, што доля ўжо такая…
..............
Вось так шляхамі год дагэтуль я ішоў
З аднэю думкаю аб шчасьці Беларусі;
То блукаўся паміж абшараў і крыжоў,
То, як сланэчнік, к сонцу яснаму імкнуўся…
Сягоньня ўжо працерабіўся гэты шлях:
На гонях родных не пануе нелюдзь,
З душы спадае перад будучынай жах,
Да новага жыцьця сьцягі віднеюць.
На чорных пажарышчах дзён мінулых
Народ разбуджаны сабе сам ладзіць гаспадарку
І веру… Не прадасьць ён за чужую скварку
Ані сваёй зямлі, ані сваіх дум чулых.
Я веру, песень маіх кліч бунтарскі
Знаходзіць водгук будзе ў сэрцах братніх,
Як і дагэтуль голас мой пясьнярскі
Не заміраў бяз водгульля астатнім.
Што думаў селянін, што парабак-работнік думаў,
Падслухаў іх і ў песьню шчыра пераліў,
А ўжо яны пад гоман вольных шумаў
Мне свой прыхільны водклік падалі,
Дык-жа шумі, красуй у волі, родны Край!
Зьвіні ў свой звон, сялянска-пролетарскі звон!
Сьпявай ты, Беларусь, у радасьці сьпявай!
Твайго Народу сёньня права і закон,

Май 1925 г.
Менск.

|}