Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І ПРЫДЗЕ…

І прыдзе новых пакаленьняў
На наша месца грамада
Судзіці суд, ці мы сумленна
Жыцьцё прайшлі, ці чарада

Зьняваг мінулых нас ня зьела,
Пакінуўшы свой дым і чад.
І мы па-даўнаму нясьмела
Жылі ня ў лад і неўпапад?

Ці аб свой гонар дбайна дбалі,
І дабравольна, бяз прынук,
Самі сабой не гандлявалі,
Ня несьлі ў петлі дум і рук?

І ці пакінуці на памяць
Мы песень гэтакіх змаглі,
З якіх-бы можна было ўцяміць,
Што мы свабоднымі былі?..

А ўжо свой выдасьць непадкупны
Аб нас гісторыя прысуд,
Калі аглядам гляне рупным
І разьбярэ, ў чым справа тут.

У сьведкі запісы пакліча,
Паданьні клікне ў час такі
І ўсё паліча, пераліча…
А суд гісторыі цяжкі!..

І засумуецца патомак
Калі дазнаецца аб нас.