Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/168

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Далей… Цары карон з сабой не падзялілі:
Год чатырнаццаты абліў крывёй зямлю,
І беларускія сыны на прадзедаў магіле
Ліць кроў пайшлі за бацькаўшчыну, толькі-ж… не сваю.
Палілі хаты ім і ў бежанцы, як жабракоў, пагналі
Туды — ў Сібір — жалобнай, сьлёзнай хваляй.
Бацькі і маткі там ад голаду каналі,
Ад роднага адлучаны дабра,
А дзеці іхныя кроў верна пралівалі
За веру рускую і рускага цара.
................
І рухнула вайна цароў за царскія кароны,
І іншы запалаў на сьвеце дым чырвоны:
Чырвоны сьцяг узьняўся над Масквой,
Аж па-за межы водбліск гэты пакаціўся.
Рабочы тут пісаў закон жалезны свой:
Адважна, рызыкуючы працоўнай галавой.
Упобач з селянінам за ланцуг свой мсьціўся.
То рэволюцыя запела на ўвесь сьвет:
„Паўстань, пракляцьцем катаваны!“…
................
Ды ўсіх бед
Яшчэ ня ўсьпеў пазбыць край зрабаваны:
Зьняўцеку панскі конь пачаў нам гоні дратаваць,
І ўбачылі засмучаныя нашы вочы,
Як дні праяснасьці зьмяніліся на ночы,
Як зноў бізун па Беларусі стаў сьвістаць;
Крыві нявіннай пацякла рака,
Крывёй пажараў аблілося неба.
Так дзякавала панская рука,
Што некалі — ці трэба, ці ня трэба —
Мы паншчыну на іх рабілі, як маглі,
І хлеба лусты ім свае апошнія нясьлі,
А маткі нашы мамкамі для іх былі.
................
Але мінулася і гэта ліхалецьце,
Хоць і ня ўсе ў сваю зышліся хату, дзеці: