Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ШЛЯХАМ ГАДОУ

15-V 1905—15-V 1925

Як пацерку да пацеркі, за годам год
На шнур жыцьця ўсё ніжа, ніжа;
Адна з тых пацерак сьцюдзёная, як лёд,
Другая цёплая, як сонца летні ўсход,
А трэцяя — як той чарвяк з-пад крыжа.
Адна далей, другая сэрцу бліжай,
Адна, як кветка, а другая, як асот,
А ўсе вісяць на шыі…
Дваццаць толькі год
Прайшло з тых пор, калі ў прадвесьні,
Успомніўшы сваю бяду і свой народ,
Жывая думка зазьвінела буйнай песьняй.
А многа зьмен: за летам лета, за зімой зіма
Праз гэты час на беларускія нясьлі вагоны:
Былі прабліскі і была благая цьма.
..............
Перш-наперш дзевятсоты пяты год, калі законы
Расійскага цара на вісільню вялі
Дзяцей скаваных Беларускае зямлі,
А там — рэакцыя чарнейшая ад ночы
Кроў выпівала з сэрца, асьляпляла вочы;
Калі здавалася, што гэтак будзе без канца
Гуляць нагайка над „забраным“ краем,
Што людзі „лепшыя“, як зблукшая аўца,
Той за маскоўскім, іншы за варшаўскім раем
Імкнуцца будуць вечным тым звычаем,
Што атрымалі ад прадажных продкаў,
Якія за шляхоцкія адзнакі,
Або за царскія чыны, у прымакі
Плылі ў чужыншчыну сьляпой паводкай.
................