Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А к вясельлю рубель
Часам трэба калі,
Дык хоць з торбай ідзі,
Каб капейку далі!

А ня грошы-ж твае
Там у банку ляжаць?
Не за грошы-ж твае
Цар ідзе ваяваць?

Не за грошы-ж твае
Цэркаў гэта стаіць?
Не за грошы-ж твае
Яна срэбрам блішчыць?

Не за грошы-ж твае
Цар палац свой зрабіў?
Не за грошы-ж твае
Ён чыноў насадзіў?

Не за грошы-ж твае
Караблі на вадзе?
Не за грошы-ж твае
І чыгунка ідзе?

Ня твой сын на вайне
Без галоўкі ляжыць?
Ня сіротка твая
Пад варотмі стаіць?

Дык прасьніся ужо,
Беларускі мужык!
Глянь! Усе устаюць,
Як сьвет божы вялік!

Глянь! Усходзіць ужо
Зорка праўды сьвятой
І няволю-бяду
Сваёй зьніме рукой!

Толькі ты мусіш, брат,
Уставаць, памагаць,
І за долю сваю
Ваяваць, ваяваць!