Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі стрэльбу ў цябе
Адабралі тваю,
Ты з застрэшку вазьмі
Касу востру сваю!

І ідзі, і крычы
Прагавітым людзям,
Няхай хлеба даюць
Табе, жонцы, дзецям!

Няхай зьнімуць з цябе
Чынш, падаткі, налог,
Бо бясплатна для нас
Даў зямлю гэту бог!

Што табе трудна жыць,
Дзецям хлеба няма,
Што ня топлена печ,
Хоць мароз, хоць зіма!

І ідзі, і крычы,
Што пот вочы заліў,
І ідзі, і крычы,
Што з табой цар зрабіў!

Няхай бача ўвесь сьвет
Цяжку долю тваю,
Няхай бача ўвесь сьвет
Злое гора тваё!

Дык прасьніся хутчэй,
Беларускі мужык!
Глянь! Усталі усе,
Як сьвет божы вялік!

1906 г.

|}