Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вось трохі напралі, —
На маткі зьвіваюць,
Калкі паўбівалі,
Снаваць пачынаюць.

Спралі ўсё, што спрасьці
Ў дзянёк мелі гэты,
Сталі ў берда класьці
Аснову кабеты.

На навой праз берда
Аснову ўскруцілі,
А роўна і цьвёрда
Ў чыны зарадзілі.

Да нітоў прыгналі
Панажы два ў доле,
Цэвак насукалі
І ткаць сталі зволі.

Паволі — спачатку,
Хутчэй — што раз далей,
Вось і ўсё! Ў канчатку
Губку адаткалі.

Губку не малую:
Локці два бяз мала! —
Колькі на такую
Сьцяну пражы стала,

Памыць крыху ўрэшце —
Хай бялейшай стане,
Ды ў царкву занесьці
І ждаць зьмілаваньня.

1907 г.

|}