Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кабеты, дзяўчаты,
Борзьдзенька зьбірацца
Да аднае хаты,
Да супольнай працы!

Ты бяры, Маланка,
Мяліцу лён цёрці,
Трапло бяры, Ганка,
Кастрыцу абдзёрці!

Данілісе шчоткі
Лён часаць прынесьці,
Дзьвух дачок Дароткі
Мусяць прасьці сесьці.

Ды хай кожна зносіць
Што небудзь — сказаці!
Кросны мае Зося —
Там і будзем ткаці.

І вось усёй вёскай
Сабраліся ўрэшце.
Нуце, ласкай боскай
Сьвет, бабы, пацешце!

Дружна і ахвотна
Бяруцца за дзела:
Трэба, каб намётка
К вечару пасьпела,

Адна ломіць жмелі,
Чысьціць іх другая,
Трэцьця трэпле ў сенях,
Кастру выбівае.

Увязваюць тыя
Да прасьніц кудзелі,
К гатовым другія
Прасьці жыва селі.