Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАЯ ЭПІТАФІЯ

Тут ляжыць Янук Купала,
Што песьні складаў,
Плакаў шмат, сьмяяўся мала,
Часта галадаў.

Быць благім чорт часам плутаў,
Дый ня быў ён катам,
Хоць ня знаў прыгону путаў,
Мужыка зваў братам.

Без зямлі ўвесь век цягаўся
Горш якой скаціны,
Вось нарэшце дачакаўся —
Далі тры аршыны.

Надпіс гэты хто прыкмеце,
Хай бога папросе,
Каб яму хоць на тым сьвеце
Лепш, як тут, жылося.

12-VI 1906 г.