Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КРЫЎДА

Цягалася Крыўда па сьвеце,
Ад хаты да хаты блудзіла:
Тым строіла вечныя сеці,
Тых гнала бяз часу ў магілы.

Ад хаты да хаты йшла з хвалай,
Ўзьвялічвала троны, кароны;
Нявольнікам путы кавала,
Пладзіла сусьветныя стогны.

Здавалася, ноч не пяройдзе,
Іржа ня згрызе вечных путаў, —
Аж бліснуў пажар на усходзе,
І дрогнулі рабскія скруты.

І дрогнула Крыўды ўсяўлада,
Разьлёгся скрозь кліч пяруновы;
Апалі кароны, пасады,
З нявольнікаў спалі аковы.

І мілай пацехай зазьзяла
І доля і слава людзкая,
Дый толькі знаць слава і хвала
Недаўгавечнай бывае.

Раскованы раб сябе выдаў —
Ня ўзьнёсься ўвысь дух чалавечы, —
Нявольнік пабратаўся з Крыўдай
І ў помач ёй даў свае плечы.

1918 г.