Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КОЦІЦЦА КРЫНІЦА…

Коціцца крыніца,
Коціцца далёка,
А над ёй бядуе
Вольха адзінока.
— Ой, плывеш ты, рэчка,
Бурна і прасторна,
А я прыкавана,
Да зямелькі чорнай!
Рэчка адказала:
— Хоць плыву, ня ўстою,
Але берагі мне
Не даюць спакою.
Жалілася вольха
Ветру сваёй доляй:
— Ты — свабодны, вецер,
Я жыву ў няволі.
Зашумеў ёй вецер:
— Хоць гуляю вольна, —
Выдзірае лес мне
Вочы беспатольна.
Вольха плача далей,
Плача чалавеку:
— Ты жывеш, як хочаш, —
Я марнею ў зьдзеку.
Голас чалавечы
Вольсе адазваўся:
— Ты йшчэ хоць бядуеш, —
Я-ж — адбедаваўся.
Ты хоць ажыўляеш
Выгляд свой вясною, —
Я сплю адналькова
Летам і зімою.

19-VII—13 г.