Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПАЯЖДЖАНЕ

Распаўзлася па абшары
Сьцюжным пухам, сьцюжнай марай
Папаўзуха-завіруха —
Злога духу злыбядуха.

Ў полі дымна, ў полі цёмна,
Беспатольна і заломна,
Ні пуціны, ні упыньня,
Як у вечнай дамавіне.

Як у моры, ў белым сьнегу,
Без дняваньня, без начлегу,
Ў бездарожжа, ў бяспрыстаньне
Едуць, едуць паяжджане.

Едуць, едуць, ані сьледу,
Ні праслуху, ні прагледу,
Ні прасьвету, ні надзеі, —
Ўсё ў зацьмішчы, ўсё ў завеі.

Папаўзуха-завіруха
Шэпча, шэпча штось да вуха
Аб музыцы-дудаграю,
Аб пшанічным караваю.

Сьнежным надзячы начлегам,
Пасыпае сном і сьнегам,
Лазам лезе ў сэрца, ў вочы,
Зазірае патарочай.

Маладога к маладусе,
Свата к свацьці-пасядусе,
Да закосьніцы закосьню
Жах прытульна прыкаросьніў.

Прытуліліся, як дзеці,
Як галубкі на расьсьвеце,