Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВІХОР ЗАГУЛЯЎ

Гэй, шумна у боры
Віхор загуляў;
Аб сьлёзах, аб горы
Завыў, запяяў.

Аж хіляцца сосны,
Аж стогнуць дубы
Ад гэтай жалоснай
Віхорнай кляцьбы.

Вавёркі-грызухі
Заселі ў дуплёх,
Мядзьведзь ад разрухі
Палез у бярлог.

А людзі, што бор той
На дровы сяклі,
З душою разьдзёртай
У хаты ўцяклі.

І пуста, і дзіка
Пад борам кругом,
Як помсты вялікай
Заплёў хто залом.

Як дзе па пажары —
Жыцьця ані чуць…
Касматыя хмары
Па небе паўзуць.

Віхор-жа у боры
Гудзе і гудзе
Аб сьлёзах, аб горы,
Аб людзкай бядзе.

1906 г.