Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У ДОСЬВЕТАК

Яшчэ певень пець не масьціцца,
Ня згасла ніводная зорка, —
У хаце дыміцца газьніца,
У хаце ўжо чутна гаворка.

За прасьніцай з мяккай кудзеляй
Папрадуха сучыць пры сьценцы,
За нітачкай нітачку сьцеле,
Вурчыць і вурчыць вераценца.

Хоць мілы сон клеіць павекі,
Хоць будзіць пасьцель успамінак,
Дзяўчына сон гоніць наўцекі,
Расьце і таўсьцее пачынак.

*

А ў полі заходзіцца бура,
Разносяцца жальбы і стогны,
Страхою калоціць віхура,
Дождж хвошча па шыбах сьцюдзёны.

Пуцінай брыдзе падарожны,
Куды ён брыдзе, не згадаці,
Паглядкаю сочыць трывожнай
Сьцяжыну ў балоцістай гаці.

Над ім неба з хмарамі вісьне,
Цямрыца, дзе вокам ні кінуць;
Няўжо-ж вогнік з хаты ні блісьне,
Няўжо-ж падарожнаму гінуць?

*

Папрадуху зморы абселі,
Ў руках вераценца ня скача;
Галоўку схіліла к кудзелі,
І дрэмле, і сон дзіўны бача.