Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПЛАЧА ВОСЕНЬ

Плача восень за вакном,
Сьлёзы плюскаюць аб шыбы,
Абняла трывожным сном
Няпрытульныя сялібы.

Плача восень, стогне ў сьне,
З пушчай з ветрамі галосіць,
Як-бы дзе каго кляне,
Ці аб шчасьці моліць, просіць.

Плача восень ноч і дзень,
Сьлёзы плюскаюць аб вокны,
А па хаце чорны цень
Лазіць, тчэ свае валокны.

Гэта ходзіць, бродзіць сум,
Душу мучыць ў сваіх сетках,
І трывожыць сказы дум,
Дум аб шчасьці і аб кветках.

1915 г.