Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У ВЫРАЙ

Зашумела нудна восень
Шумам лісьцяў, шумам сосен,
Даўшы волю хмурам;
Ажно з гоняў Беларусі
Ў вырай вылецелі гусі,
Паплылі ў даль шнурам.

Сьледам з выраем, з гусямі
Паляцелі думкі самі,
Сэрца ўскалыхнулі;
Ўскалыхнулі долі плесьняй,
Азваліся казкай-песьняй,
Ў смутку патанулі…

Ой, вы, гусі-вырайніцы,
Жыць ня доўга ў чужаніцы,
Зноў к нам прыплывеце,
Зноў вас будуць сустракаці
Нашы рэчкі, сенажаці,
Наша сонца ў цьвеце.

Ой, вы, гусі-гудзіцелькі,
Не забудзеце зямелькі,
Дзе дзяцей пладзілі,
Дзе вы месячык страчалі,
Дзе вы зоркі падлічалі,
Плавалі, хадзілі.

Знаю, зложыце тут косьці,
Толькі зьлётаеце ў госьці
Асьвяжыці грудзі:
Вы ня ўмееце йшчэ, гусі,
Выракацца Беларусі,
Як умеюць людзі.

31-X—18 г.