Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДУНУЛІ СІВЕРЫ

Дунулі сіверы з поўначы,
Кроў касьцянела у жылах;
Людзі, благаючы помачы,
Шлі за німашто ў магілы.

Выскачыў вецер палудзенны,
З ім — і вясеньнія шумы;
Дрогнулі сэрцы разбуджаны,
Ўдарылі ў сьветлыя думы.

Міла цяпло расплываецца,
Лёгка жывёліне ўсякай,
Зеленьню нівы ўсьміхаюцца,
Хмараў на небе ні знаку.

Шаты паўсюды нядзельныя,
Ў песьнях вялікдзень чуваці,
Згінула доля бясцэльная,
Сонца над хатай і ў хаце.

Думалі душы — ўжо вольныя —
Дні ўсешчасьлівасьці блізка,
Дый знаць гаротным бяздольнае
Суджана з роду, з калыскі.

Дунулі сіверы з поўначы,
Кроў касьцянее у жылах,
Людзі, благаючы помачы,
Сходзяць бясчасна ў магілы.

7-XII—09 г.