Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЎСЮДЫ ЛЕТА

Ўсюды лета, лета,
Гулі строіць сонца,
Шалясьціць зялёны
Колас на саломцы.

Выйдзі, закрасуйся,
Як зара да ўсходу,
Пакажыся сьвету,
Сьвету ды народу!

І з праменьняў яркіх,
Яркіх зіхацістых,
Ты сатчы апратку,
Як-бы з кос агністых.

З васілёчкаў сініх,
З муравы зялёнай
Ты спляці вяночак,
Ты спляці карону.

У серабрысты росы,
Бы ў брыльлянты тыя,
Ты ўцьвяці убор свой,
Шаты залатыя.

Заясьней, зардзіся
Ў славе неразьвеўна,
Нібы дзіва тое —
Ў казцы каралеўна.

Пакажыся сьвету,
Сьвету ды народу,
Родная старонка,
Як зара да ўсходу!

19-VI—13 г.