Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЛЕТАМ

Выйду, сяду каля саду
У зацішнай старане
І дзівіцца буду пуду,
Што пуднее ўкруг мяне.

Як для сьвета грае лета
Песьню сьпеўную быцьця;
Бласлаўленьне небам, хлебам
Шле сам бог, сама зямля.

Звоніць поле доляй, воляй,
Звоніць поле ў каласкі;
Ў буйным лузе зьяюць, граюць
Кветкі, мошкі, матылькі.

Рэчка ўецца і сьмяецца
Да зялёных лоз і вольх,
А ў вадзіцы шыбка рыбка
Шмыгаціць на паплаўкох.

Лес адвечны бесканечны
Цягне, цягне гоман свой;
Між хвой скачуць птушкі-ўюшкі
І пяюць, што моцы той.

А на небе сьлед цярэбе
Сабе сонца залаты,
Сьвеціць, грэе долы, горы,
Ў сэрцы шле агонь сьвяты.

Так для сьвета грае лета
Песьню сьпеўную быцьця…
Чаму-ж мне ў ім стала мала
І пацехі і жыцьця?..

4-VII—13 г.