Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВЯСНА

Згінулі сьцюжы, марозы, мяцеліцы,
Болей ня мерзьне душа ні адна,
Сонейкам цёпленькім, зеленьню вабнаю
Абдаравала зямельку вясна.

Рэчкі бурлівыя, ўчора санлівыя,
Сёньня усталі, плывуць і бурляць;
Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца,
К небу прыветна з вадзіцы глядзяць.

Пушчы паважныя, зімку праспаўшыя,
Радасна песьні зайгралі свае;
Лісьці зашасталі, птушкі зачыркалі,
Сьвішча салоўка і дзяцел клюе.

Поле травіцаю сочнай адзелася,
Вышла скацінка і дружна скубе,
Каля скацінкі падпасьвіч з жалейкаю
Ходзіць навокал ды йграе сабе.

Грай, грай, жалеечка! грай, грай, вясёлая!
Выйграй з вясною і долечку мне;
З пушчаю, з птушкамі, з вольнымі ветрамі
Грай мне аб шчасьці, грай аб вясьне!

1906 г.