Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З ВЯСНОЙ

Як зыйшла сьвятая
Вясёласьць вясны, —
Цэлы сьвет скідае
Зімавыя сны.

Сэрца шчасьцем б‘ецца,
Кроў кіпіць агнём,
Песьня раздаецца:
Болей не засьнём!

Песьня ўвысь імчыцца,
Як званоў біцьцё;
Кожны весяліцца,
Блаславіць жыцьцё,

Гамяняць народы,
Як тэй пушчы шум.
Колькі тэй свабоды!
Колькі сьветлых дум!

Згінуў сон нягодны,
Дзе не паглядзіш…
Чаму-ж ты, край родны,
Як забіты сьпіш? —