Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ІДЗЕ ВЯСНА

Ідзе вясна… На белым полі ложыць плямы!
Вада цурком цячэ з-пад сьнегу ў долы, ў ямы,
Зьлятаюцца ды дзіка гракаюць вароны…
Ідзе вясна… каб быццам сьвет збудзіці сонны.

А будзе толькі з гэтага ўсяе карысьці,
Што лес на час — каб скінуць посьле — ўзьдзене лісьце,
Ды зацьвітуць і адцьвітуць адзін раз лішні
У садзе малажавым яблыні і вішні;

Ўсё тую-ж песьню адшчабеча салавейка,
Малітву адгалосіць сонейку жалейка…
Ах, пражывеш ты, чалавеча, не напрасьне: —
Яшчэ адна вясна ў душы навек загасьне.

1-III—15 г.