Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З ДУМАК ЖАБРАКА

Я чалавечак жабрачай натуры —
Жыць ня судзілі іначай багі.
З выгляду важан я: косьці ды скура,
Не далічу я рукі і нагі.

Важна іду ад парога к парогу,
Спора акрайцаў у зрэбным мяху;
На чалавечую добру ўспамогу
Мушу я меці надзеі крыху.

У дабрадзеяў, або ў дабрадзеек
Грошы ня сьмею шмат вельмі прасіць.
Дайце мне толечы колькі капеек,
Каб мог сабе я вяроўку купіць.

Рэшту прыладаў сабе сам дастану —
Ў лесе асіну, ці дзе які слуп…
Ці-ж не пацеха пані і пану
Бачыць, як нейкі ўскалышыцца труп?!.

Глянеш, і воку аж робіцца міла!
Жыў вось людзіна і шчасьця дарос.
Бартняе сэрцайка штось ды зрабіла,
Хоць і ня так мо‘, як баіў Хрыстос.