Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У ХОРАМАХ

Узносілі муры,
Каб княжыці ў мурох;
Ад зоркі да зары
Купаліся ў ігрох.

Зьвінела серабро,
І золата, і медзь;
На зло і на дабро,
На ўсё — ўсё ўмелі мець.

Ня ў страх ім ноч і гром,
Зямля, сьвет цэлы — рай;
Кані-арлы віхром
Імчалі з краю ў край.

Салодкі мёд пілі,
Жыць соладка было,
Забылі адылі,
Што йнакш жыло сяло.

9-XI—18 г.