Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ТУТ І ТАМ

Вы тут гуляеце, панове,
У сытай, п‘янай чададзе,
А там — што робіцца у вёсцы,
І ў думку вам не набрыдзе.

Тут у крыві людзкой скупана
Капейка сходзіць за дармо;
А там, у вёсцы ў непацешнай,
Расьце, вялічыцца ярмо.

Тут вы прышлі разьбіць аб чаркі
І чэсьць і славу напалам;
Там горы ўзносяць, рыюць ямы,
Каму? — згадаць пара ўжо вам!

1909 г.