Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З ПЕСЕНЬ МУЖЫЧЫХ

Гора нам бедным, гора загнаным,
Мучаць нас чорныя долі,
Стогнем пад царам, стогнем пад панам,
Стогнем мы дома і ў полі.

Вечна ня знаем суду і права,
Цёмны народ мы сярмажны.
Б‘емся, працуем сьлёзна, крывава,
Едзе па карку нам кажны.

Нас самавольна земскі карае,
Душыць, саджае ў вадседкі,
Крыўдзіць вураднік, поп абірае,
Воласьць з нас цягне пасьледкі.

Гляньце: паліц‘я, войска, вастрогі,
Цэрквы, чыгунка палацы! —
Гэта наш труд, падаткі, налогі,
Наша мужыцкая праца.

Плача ў няволі край наш радзімы,
Самі-ж ня знаем спакою:
Паляць нас леты, студзяць нас зімы,
Мучыць нас голад вясною.