Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВЯСНА 1915-ая

Дык вось-жа як прышла яна — жаданая вясна —
Ў кароне з зелені і кветак, з пошаптам бяроз!
Ядыная з паміж былых сясьцёр сваіх яна:
Не разьвясельвае душы і ня ўцірае сьлёз.

Ня росы зіхацяцца брылянцістыя на ёй,
Ня росамі палеткі збожны сьвенціць на зямлі,
А йрдзіцца ўся гарачаю чырвонаю крывёй,
Крывёй палошча ўсходы, што ўзышлі і… ня ўзышлі!

Ня з сонцам вышла блаславіць аратага арбу,
Ня сонцам туліцца да скрыўджаных сяліб і хат,
А грознымі пажарамі распачала сяўбу,
Пажарамі-зьніштожаньнем сьвяткуе сьвята сьвят!

Ня вышаў сейбіт на загон, як ён калісь ішоў,
Каб з верай і надзеяй кінуць зерне на прыплод, —
А сее… от, абы!.. бо сеяць звык ён з-прад вякоў,
Хоць і ня знае, хто пажне, хто зьесьць яго ўмалот.

І хаты майскім дзераўцом ня ўмаіў селянін,
Як прадзеды умайвалі, як вучыць абычай…
Спытай: Чаму аб спадчыне бацькоў забыў так сын?
Адкажа: Ведама — жалобу носіць наскі край!

Перапалохана кабеціна з дзяцьмі на шлях
Ідзе штодзень пад крыж і пазірае ў даль;
Прагледзела ўжо вочы, — ўсё-ж надзея тліць ў грудзях,
Праслухала і вушы ўжо, а слухае на жаль…

Дзяўчына, распусьціўшы косы, вылецела ў бор
І, прытуліўшысь к дрэву, песьню жуткую пяе —
Ні-то падладжываючыся пад хаўтурны хор,
Ні-то спраўляючы ў бары заручыны свае.

А бусел, што на пірамідах зімку зімаваў,
А лета летаваць у любы край свой прыляцеў, —