Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вецер адно ня ўнімаўся,
Як-бы варожбай займаўся:
Верне дамоў Янка болей,
Ці ўжо ня верне ніколі.

V. ЗАСТАЛІСЯ НІВЫ, СЁЛЫ

Вышлі роднай вёскі дзеці
Паміраць на белым сьвеце,
Расьсяваць па сьвеце косьці
Праз кагосьці, за кагосьці.

Засталіся нівы, сёлы
На той сум-жаль невясёлы,
Засталіся, ой, сіроты
З горкім горам, з адзінотай.

Не палыне сошка ў полі
З добрай долі, з добрай волі;
Не пачуюць кос пакосы, —
Ржа паесьць сталёвы косы.

Ночкай, вечарам, зараньня
Маці-ўдоўка выйдзе, гляне,
Выйдзе, гляне — стане досіць…
Просіць бога… не дапросіць:

„На каго-ж ты нас пакінуў?
Чаму-ж лепей дамавіну
За калыску, за ліпову,
Ты ня даў нам дзеля хову?

Для каго-ж твае законы
Разьвялі на ўсе староны,
Што брат братам ад прадвеку
Чалавек для чалавека?

Як авечак, як ягнятаў,
І у хаце, і за хатай
Ты мальбу людзкую любіш,
Нашто-ж Бацькаўшчыну губіш!“

Так лунае ўдзень і ўночы
Той за жалем жаль сірочы