Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І мальба да ласкі боскай
Каля вёскі і над вёскай.

А за вёскай, дзе магілы,
Дзе ляглі, заснулі сілы,
Пахіліўся крыж да крыжа —
Гэты вышай, гэты ніжай.

На крыжох сава якотам
Гаманіць адказ сіротам
Ды пытаньнем страшным страша:
„Га! дзе-ж Бацькаўшчына ваша?“

VI. ПАБОІШЧА

Ноч ня спаўшы, дзень ня еўшы,
Прымадзеўшы, прыкалеўшы,
Меціць куляй, прэцца з штыхам,
Косіць шабляй, мчыцца ліхам;
Вокам, сэрцам ня дрыгне…
Сьмерць яму, або сьмерць мне!

Стрэлы сьвішчуць, дыміць порах,
Зьбіўся ў кучу свой і вораг,
Юшка брызгае у вочы,
Гэты стогне, той рагоча,
Той зваліўся, топча той, —
Не глядзіць — свой, ці ня свой.

Ад крыві зямля чырвона,
Неба чорная заслона
Засланіла, як магіла,
А пад ёю сілу сіла,
Ў сполку з сьмерцяй, сьмерцяй тне, —
Верх таго, хто не засьне.
.............
Гу-га-га! як бой удаўся!
Вораг дрогнуў, вораг здаўся,
Не прамог, злажыў аружжа;
Як быў дужы — стаў нядужы:
Той уцёк, той у палон
Здаў сябе, як у прыгон.