Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Янка зьбіраецца ўпрочкі…
Ой, не на радасьць дні, ночкі
Сына „старая“ пясьціла,
Каб рос у розум і сілу!

Ой, не на помач ў бядноце
Даў „стары“ склад у рабоце,
Дый не на ўцехі вялікі
Згралі вясельле музыкі.

Цераз палеткі, палоскі
Склік дакаціўся да вёскі, —
Кліча на збор „запаснога“,
Бо на ўсім сьвеце трывога.

Новыя лапці, аборы,
Новыя шаты-уборы
Стаў на сябе напінаці,
Кланяцца родным у хаце.

Кланяўся нізка татулю,
А яшчэ ніжай матулі,
Прашчаўся з жонкай, з дзіцяткам,
Сьлёзы ўпіраючы ўкрадкам,

Ціха, маркотна ў сьвятліцы,
Кожны азвацца баіцца,
Як-бы над імі ў спакою
Сьмерць калыхала касою…

А як „ён“ з хаты выходзіў:
„На, хай бароне ў прыгодзе!“ —
Гэтак матуля сказала
Ды штось на шыю ўвязала.

Матчына гэта ахвяра —
З нашых прыдбана папараў:
З роднай вузельчык кудзелькі,
Ў ім — жменька роднай зямелькі.

І вышаў з хаты ваяка,
Ня уздыхнуў, не заплакаў,
Вышаў заціснуўшы зубы,
На тыя бітвы, на згубы.