Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яшчэ жыве закон такі —
За сьмерці — сьмерцямі плаціць.

Адважна ў бой рыхтуйся, брат,
Баяцца нечага крыві, —
Твой продак выліў яе шмат,
Ты памяць продкаў аджыві!

Каня буланага сядлай,
У стрэльбу крэпка ўбі набой
І, блаславіўшы бацькаў край,
Едзь па загаду ў грозны бой!

Як дасягнеш чужацкіх гонь,
Патопчаш ворагаву рунь, —
Ты Матку-Бацькаўшчыну ўспомнь
І ў бок кінь вокам сваіх пунь.

А чалавечае на цэль
Жыцьцё узяўшы на прасьцяг,
У грудзі сьвенчаныя стрэль,
Адно ня цэль ў крыж на грудзях!

Адважна ў бой!.. Вайна вайну
Спладзіла — хай-жа бітва йдзе
За шчасьця лепшага вясну,
За волю вольнай грамадзе!

Аб долі роднай стараны
Нам сьведчыць не адзін курган,
Дзе дрэмлюць слаўныя сыны;
А страж дзяржыць ноч ды туман,

IV РАЗЛУКА

Вецер завыў па сялібах, —
Звоніць дый звоніць па шыбах;
„Лыска“ на прызьбе якоча;
Ў хаце ўдзень сумна, як ночай,

Над сталом бацька журбуе,
Галаву зьвесіў сівую,
Маці у кубле штось шнырыць,
Жонка дзяцей ціхамірыць.