Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ад варотаў да варотаў
Ходзяць, стукаюць ля плоту.

Засяюць трывогі, страхі
На ўсе сьцежкі, на ўсе шляхі,
Дзе начніцы косым вокам
Пазіраюць ненарокам.

Ой, ня здарма над ракою
Шэпчуць вербы з асакою:
— Што-то будзе, што-то будзе?
Штось трывожны сьвет і людзі!

II ПЕРАД БУРАЙ

Грамадзяцца цёмны хмары,
Грозяць сьвету страшнай карай;
Ня супыняць ужо бітваў
Ні ўздыханьні, ні малітвы.

Сталі ўсюды ўсімі трэсьці
Неспакойства поўны весьці,
Што, забыўшы людзі ўвагі,
Пад крывавы пойдуць сьцягі.

Меч уздыме брат на брата,
Стане брату брат горш ката…
Зуб — за зуб, за вока — вока…
Як і сказана ў прарокаў.

Ўсё свой к гэтаму шлях знача,
Што так будзе — ня іначай,
Бо шукаць ўжо праўды нечым,
Толькі порахам ды мечам.

Бо ёсьць сіла і на сілу,
Што магілай за магілу
Водкуп дасьць, як сьлед, з паклонам
Ды прымкне крыжом сьвянцоным.

Бо ёсьць воля і на волю,
Што сваю з тэй возьме долю,
Не загубіць, не ўваскрэсіць, —
За ланцуг — ланцуг павесіць.