Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСЬНІ ВАЙНЫ

Вазьмі, маці, пяску жменю,
Пасей, маці, на каменю.
Як прыжджэшся з пяску ўсходу,
Тады верне сын з паходу.

З народнай песьні.

1. ВАРОЖБЫ

На ўзьбярэжжы, над ракою
Шэпчуць вербы з асакою:
— Што-то будзе, што-то будзе?
Штось трывожны сьвет і людзі!

Па зямлі пайшлі пажары —
Неба дымяць дыму хмары,
Там і тутака агнішча,
Над агнішчам вецер сьвішча.

Па сялібах — пошасьць хваляй…
Гэты хвор, таго схавалі,
Тому чэшуць дамавіну…
Жыці, мерці няма ўпыну…

А па небе ў гэта лета
Ходзіць ходырам камэта, —
Хвост яе — ня дай ты, божа…
На дабро нам неварожа;

Далей вокал — як магіла…
Сонца круг свой зацямніла,
Ночай глянула ў дзень белы
На жыцьцё ўсё, на сьвет цэлы.

І груган аднекуль выплыў,
Штосьці гыркнуў дзюбай хрыпла,
Як заклён праклённы кінуў,
Дый дзесь згінуў, ці ня згінуў.

За варожбамі варожбы,
Як нячысьцікавы божбы,