Нудна… Штосьці ломіць косьці,
Ныюць жалем грудзі,
На надвор‘е выйду, гляну,
Мо‘ уцешней будзе.
Ўзяў апратку, кінуў хатку,
На сяло выходжу,
Там-сям лажу, свата, свацьцю,
То куму знаходжу.
Пад ваконца, дзе больш сонца,
Дзевачкі зышліся, —
Дружка ў дружку, як сасонкі,
Пазірай — дзівіся!
Бровы, вочкі, губкі, шчочкі
Аж завуць к пакусе,
Грудзі пульхны, як пампушкі,
Не адходзь — любуйся!
Ой, дзяўчаткі! хоць вы гладкі,
Быццам маляваны, —
Не хацеў-бы я папасьці
Ў вашыя кайданы.
З вамі жарты — не з паўквартай,
Згінуў — толькі глянуў,
Будзь пры памяці, цьвярозы, —
З вамі будзеш п‘яны.
З сэрца ранак і жаданак
Ня збыць і сякерай;
Ці быў з вамі, а ўжо гінеш, —
Любіш вас бяз меры.
І ахвоты да работы
Ня прыдбаці з вамі…
Ох, сваю вяліку сілу
Знаеце вы самі!
1907 г.
|